Круглы стол на "Коле сяброў"

Учора ЭКАПРАЕКТ разам з ТБМ і Таварыствам аховы помнікаў правёў у грамадскім цэнтры "Кола сяброў" першы круглы стол па прыродна-культурных ядрах экалагічнай сеткі Магілёва. Стол быў прысвечаны развіццю Падніколля. Былі абмеркаваны 4 групы сцэнарыяў развіцця: "Фаціна", "Траецкае", "Парк/Батсад" і "Скансен". Круглы стол цягнуўся 5 гадзін, было ўжыта два торцікі і некалькі пакункаў мармелада, разышліся толькі ў 22:30.

Дадзены круглы стол праводзіўся ў рамках праекта “Сумесны менеджмент зялёнай інфраструктуры”, падтрыманага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў 2015-2016 гг. Мэта праекту – стварыць умовы для ўдзелу грамадскасці ў планаванні і кіраванні аб’ектамі зялёнай інфраструктуры ў г. Магілёве, у тым ліку праз інфармаванне, асветніцкія захады і спрашчэнне доступу да актуальная інфармацыі. Праект таксама спрыяе стварэнню сацыяльнай і інфармацыйнай інфраструктуры для выканання Рэспублікай Беларусь абавязкаў па Орхускай канвенцыі Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя» (1998 г.).

Мэтай дадзенага круглага стала было праінфармаваць прадстаўнікоў экалагічнай, горадабудаўнічай і культурніцка-гістарычнай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых аб стане водна-зялёнага дыяметру і экалагічнай сеткі на тэрыторыі г. Магілёва і яго наваколляў, а таксама абмеркаваць перспектывы развіцця аднаго з галоўных вузлоў экалагічнай сеткі – абалонна-тэрасавага ландшафту “Падніколле”, што месціцца на правым беразе даліны Дняпра ў цэнтральнай частцы гораду, і мае вялікае гісторыка-культурнае і археалагічнае значэнне. Задачы ўключалі абмен думкамі і ідэямі што датычыцца варыянтаў і перспектываў развіцця Падніколля, а таксама стварэнне погляду на праблему і на шляхі яе вырашэння, які б падзяляўся неабыякавымі прадстаўнікамі грамадскасці і прафесіяналамі.

У круглым стале ўзялі ўдзел болей за 30 чалавек; з іх 13 чалавек паўдзельнічалі ў групавой рабоце па аналізу сцэнарыяў.

Мерапрыемства пачалося ў 18.30. Пасля прадстаўлення ўдзельнікаў круглага стала, Віктар Кірэеў, кіраўнік праекту “Сумесны менеджмент зялёнай інфраструктуры” (МГА “Экапраект”), прэзентаваў прапановы па схемах экалагічнай сеткі горада і наваколляў, падрыхтаваныя экспертамі МГА “Экапраект”, патлумачыў іх сувязь з нацыянальнай сістэмай экалагічных калідораў, параўнаў з міжнароднымі практыкамі, абгрунтаваў размяшчэнне прыродна-культурных ядзер, а таксама ахарактарызаваў сучасны стан ядзер і экалагічных калідораў, і перспектывы развіцця іх культурнага і экалагічнага патэнцыялу. Далей ён больш грунтоўна распавёў пра гістарычную планіроўку, тапаніміку і помнікі прыроды, археалогіі і архітэктуры Падніколля.

Наступны выступоўца, Антон Шкаруба (МГА “Экапраект”), падсумаваў сучасныя праблемы і стан экасістэм і культурна-археалагічнага асяродка Паднікольскага ядра, а таксама прэзентаваў асноўныя групы сцэнарыяў развіцця ядра – ад найбольш радыкальна-песімістычнага (сцэнарый “Фаціна”, які прадугледжвае суцэльную шматпавярховую забудову тэрыторыі, па аналогіі з мікрараёнам “Фаціна” на супрацьлеглым беразе Дняпра) да найбольш спрыяльных для захавання прыроднай і культурнай спадчыны (сцэнарый “Парк/Батанічны сад”, што прадугледжвае пераважнае развіццё тэрыторыі ў якасці зоны адпачынку з максімальным захаваннем існуючых экасістэм).

Другая частка круглага стала была прысвечана дэталёваму аналізу сцэнарыяў развіцця Падніколля. Для гэтага быў выкарастаны СВОТ (SWOT) аналіз. Першапачаткова было прапанавана стварыць СВОТ-аналіз для кожнай з чатырох групаў сцэнырыяў, але ў выніку склаліся групы толькі для прадстаўлення групы сцэнарыяў “Фаціна”, “Парк/Батанічны сад”, і прысутны на круглым стале Антон Астаповіч (старшыня Таварыства Аховы Помнікаў), прадставіў для часткі Падніколля (Школішча) сцэнар, блізкі да групы “Траецкае”. У другой частцы круглага стала ўдзельнічала 13 чалавек, пераважна прадстаўнікі экалагічнага руху, краязнаўцы, прафесійныя архітэктары, планіроўшчыкі і горадабудаўнікі. Гэтая частка круглага стала мела вельмі інтэрактыўны характар, і скончылася толькі каля 22.30, на 2 гадзіны пазней за запланаваны час.

Агляд груп сцэнарыяў развіцця Падніколля

«Фаціна»

  • Насыпныя/намыўныя тэрасы, тэрасаванне схілу даліны/стварэнне прыступак для транспарту і забудовы
  • Шматпавярховая забудова
  • Буйныя гандлёвыя цэнтры
  • Скразныя аўтамагістралі з развязкамі
  • Спартыўная інфраструктура практычна адсутнічае
  • Культурны пласт і падмуркі страчваюцца назаўсёды
  • Знікае гістарычная планіроўка і тапаніміка
  • Закрываецца гарадскі пляж
  • Паплавы, вязавыя і ясеневыя насаджэнні знікаюць
  • Закрыццё водазабора
  • Прыродна-культурнае ядро знікае

«Скансен»

  • Астраўная забудова: адноўленыя на гістарычных месцах музейныя аб’екты - дом бургамістра, гасцінны двор, лазня, багадзельня, дом каваля, літвацкая і любавіцкая малітоўная школа, дом плябана і г.д.; драўляныя пабудовы, якія нельга аднавіць на ранейшых месцах (Васкрасенская, Барысаглебская царква); забаўляльная інфраструктура, канцэртныя пляцоўкі, агароды, экзатычныя расліны, вальеры з жывёламі і птушкамі
  • Дробныя гандлёвыя кропкі
  • Сетка праездаў і пешаходных дарожак
  • Веласіпедныя і бегавыя дарожкі, турнікі, каткі і г.д.
  • Аднаўленне гістарычнай планіроўкі
  • Частковае закрыццё водазабора
  • Адносна функцыянальнае прыроднае ядро

«Траецкае»

  • Падсыпка да дазволенага для будаўніцтва па нарматывах узроўня
  • Малапавярховая забудова
  • Дробныя гандлёвыя цэнтры
  • Сетка вуліц
  • Значная частка паплавоў, вязавыя і ясеневыя насаджэнні знікаюць
  • Аднаўленне гістарычнай планіроўкі
  • Частковае закрыццё водазабора
  • Дробнае прыродна-культурнае ядро, бар’еры на калідорах

 

«Парк/Батсад»

  • Астраўная забудова (культавыя пабудовы, аб’екты паркавай інфраструктуры, малыя сцэны, кафэ, рэстараны)
  • Дробныя гандлёвыя кропкі
  • Пад’езды, паркавыя дарожкі і алеі
  • Паплавы, вязавыя і ясеневыя насаджэнні захоўваюцца, новыя пасадкі паркавых і экзатычных відаў
  • Веласіпедныя і бегавыя дарожкі, турнікі, каткі і г.д.
  • Аднаўленне гістарычнай планіроўкі
  • Водазабор застаецца
  • Функцыянальнае прыродна-культурнае ядро

Сцэнарый “Фаціна” быў падрабязна і рознабакова ахарактарызаваны групай Алены Асмакоўскай (Грамадская рада па развіцці зялёных зон Магілёва). Аналіз паказаў абсалютную недапушчальнасць такога сцэнарыю для Падніколля, і што яго недахопы ня могуць быць кампенсаваны аніякімі горадабудаўнічымі рашэннямі. Пры гэтым было зазначана, што ў прынцыпе, у сучаснай эканамічнай сітуацыі і ў блізка-сярэднетэрміновай перспектыве, суцэльная капітальная шматпавярховая забудова тэрасаў і абалоны немагчыма ў т.л. па эканамічных прычынах, бо будзе патрабаваць занадта высокіх выдаткаў для падрыхтоўкі тэрыторыі пад забудову (у першую чаргу супрацьпаводкавыя мерапрыемствы). Суцэльная капітальная забудова можа, у прынцыпе, пагражаць верхняй тэрасе (асабліва яе заходняй частцы – Школішчу), але грамадства горада і краіны мусіць быць здольна заблакаваць такія праекты, па-меншай меры, калі яны будуць прапанаваны паводле дзеючых правілаў. У той жа час адзначалася, што ў любы момант можна чакаць інвестара, які зацікавіцца пляцоўкамі на Школішчы і знойдзе паразуменне з гарадскімі ўладамі. Таму для ўсёй тэрыторыі Падніколля неабходна распрацаваць і зацвердзіць дэталёвыя рэгламенты забудовы, якія б улічвалі яе прыродную і гісторыка-культурную каштоўнасць.

Абмеркаванне ў групе Валянціны Крачкоўскай, якая аналізавала сцэнарый “Парк/Батанічны сад”, прывяло да высновы аб неабходнасці дыферэнцыяцыі прапановаў па сцэнарыях для розных частак Падніколля. Для верхняй надабалоннай тэрасы (у т.л. Школішча), у якасці базавага, быў прапанаваны сцэнарый з групы “Скансэн”, бо тая тэрыторыя гістарычна была шчыльна забудавана, і аднаўленне шмат якіх пабудоваў можа быць мэтазгодна з гледзішча стварэння турыстычна-рэкрэацыйнага патэнцыялу, а таксама мець высокую асветніцкую і ландшафтна-архітэктурную каштоўнасць, калі такое аднаўленне будзе зроблена з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў і метадаў. У той жа час, было зазначана, што неабходна пазбягаць шчыльнай забудовы і па магчымасці захоўваць старыя дрэвы. Асобна адзначалася высокая небяспека адыходу забудоўшчыкаў ад арыгінальных праектаў, а таксама ўнясення зменаў на стадыі эксплуатацыі.

Антон Астаповіч падзяліўся сваім станоўчым досведам аўтарскага кантролю, які дазваляў значна знізіць такую рызыку. Ім таксама даводзілася неабходнасць рэалізацыі для Школішча сцэнарыя “Рэгенерацыі” (набліжанага да сцэнарнай групы “Траецкае”), які выглядае значна больш прывабным для інвестараў (і, адпаведна, гарадскіх уладаў), бо дазваляе ўзводзіць забудову высокай камерцыйнай каштоўнасці (напрыклад, элітнае жытло, апарт-гатэлі і г.д.). Гэта робіць такія сцэнарыі больш рэалістычнымі, па меншай меры для Школішча, якое аб’ектыўна з’яўляецца найбольш прывабнай у Падніколлі тэрыторыяй для інвестараў-забудоўшчыкаў.

Для абалоннага комплексу Падніколля, група сцэнарыяў “Парк/Батанічны сад” была вызначана (пры падтрымцы ўсіх удзельнікаў круглага стала) як адзіна магчымая, у тым ліку па прычыне сучаснай і перспектыўнай эканамічнай сітуацыі, якая не дазволіць інжынерную падрыхтоўку тэрыторыі пад капітальную шматпавярховую забудову. Абалона можа быць аб’ектам зялёнага будаўніцтва, у той час як спартовыя і сервісныя збудаванні будуць дапускацца з абмежаваннямі і толькі ў асобных выпадках. Леанід Платоненка звярнуў ўвагу на існуючыя пабудовы, такія як будынак Водаканалу, які можа быць прыстасаваны для выканання актуальных функцыяў. Былі прапанаваны захады па актуалізацыі рэкрэацыйнай каштоўнасці абалоны. Напрыклад, Алена Асмакоўская прапанавала запраектаваць пешаходны мосцік праз Дняпро, што дазволіла б напрамкі звязаць парк з мікрараёнам Фаціна, які пазбаўлены функцыянальных зялёных зон. Антонам Астаповічам была прапанавана традыцыйная паромная пераправа праз Дняпро, якая б выконвала адпаведную лагістычную функцыю, але таксама была б прывабным і камерцыйна ўстойлівым турыстычным аб’ектам.

Пры аналізе сцэнарыяў была выказана занепакоенасць нізкай празрыстасцю дзеючых механізмаў грамадскага абмеркавання інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, адсутнічае функцыянальная зваротная сувязь паміж грамадскасцю і органам, адказным за правядзенне экспертызы. Эксперт вольны прымаць ці адхіляць заўвагі і прапановы грамадскасці без неабходнасці тлумачэння і без прадстаўлення зацікаўленым бакам адпаведнай інфармацыі. Часткова, лёс заўвагаў можна прасачыць праз механізм афіцыйных запытаў у орган, адказны за правядзенне экспертызы ці абмеркаванняў.

Пры гэтым было выказана меркаванне, што для ўдасканалення механізмаў грамадскіх абмеркаванняў і экспертызы праектаў, неабходна больш актыўная ініцыятыва з боку грамадскасці. Органы дзяржкіравання адчуваюць патрэбу ў зваротнай сувязі, і звычайна прыслухоўваюцца да слушных прапановаў, калі яны добра падрыхтаваны і выкладзены ў форме, прыдатнай для непасрэднага выкарыстання ў афіцыйным дакументазвароце (напрыклад: “выкласці пункт такі, артыкул такі ў наступнай рэдакцыі….”).

Алена Асмакоўская таксама зазначыла, што грамадскія арганізацыі, асабліва ў Магілёве, недастаткова карыстаюцца нават існуючымі магчымасцямі паўплываць на праекты, што парушаюць прыродны, архітэктурны, ці гісторыка-археалагічны асяродак. Бадай што ўсе праекты выстаўляюцца на грамадскае абмеркаванне, але ніхто не займаецца сістэматычным маніторынгам абвестак, напрыклад на сайце Гарвыканкама. У выніку, рэакцыя грамадскасці часта бывае запозненай, ці ўвогуле адсутнічае. Прыкладаў скаардынаванай і эфектыўнай работы гарадскіх грамадскіх арганізацыяў мала. Адно з выключэнняў – барацьба Таварыства беларускай мовы супраць пашырэння ГЦ “Магніт”; ТБМ выдатна спрацавала, але ж гэта не адносіцца да іх профільнай дзейнасці, і гарадская арганізацыя ТБМ ужо значна перагружана.

Удзельнікі круглага стала зазначылі, што грамадскасці варта сканцэнтравацца на канкрэтных справах. Напрыклад, варта стварыць ініцыятыўную групу для прасоўвання вынікаў гэтага аналізу сцэнарыяў развіцця Падніколля. Алесь Сабалеўскі прапанаваў паўдзельнічаць у гарадскім пікніку 28-га траўня і падрыхтаваць да яго інфармацыйныя матэрыялы з вынікамі круглага стала. Для таго, каб такая прамоцыя была паспяховай, прапанаваныя ідэі мусяць быць якасна візуалізаваны і прадстаўлены ў форме праекта, прыдатнага для прадметнага абмеркавання.

Магчымае выйсце для ініцыятыўнай групы – знайсці магчымасці супрацы з профільнымі катэдрамі ВНУ, такімі, як (перш за ўсё) Катэдра горадабудаўніцтва БНТУ, ці Катэдра зялёнага і паркавага будаўніцтва БДТУ, напрыклад прапанаваць студэнтам з Магілёву, што там навучаюцца, адпаведныя курсавыя і/ці дыпломныя праекты. Таксама можа быць плён з такой супрацы з Архітэктурна-будаўнічым коледжам БРУ. МГА “Экапраект” плённа працуе з Катэдрай зялёнага і паркавага будаўніцтва БДТУ, і можа паспрабаваць скантактаваць выкладчыкаў дадзенай катэдры. Варыянты супрацы з іншымі навучальнымі ўстановамі таксама могуць быць разгледжаны.

Наступны круглы стол вырашана правесці 7-га ліпеня. Ён будзе прысвечаны развіццю Пячэрскага прыродна-культурнага ядра.

Прэзентацыі можна спампаваць:

  1. Экалагічная сетка Магілёва і яе Паднікольскае ядро (Віктар Кірэеў, ЭКАПРАЕКТ)
  2. Сцэнарыі развіцця Падніколля (Антон Шкаруба, ЭКАПРАЕКТ)