Крыніца

Магілёўскі аддзел «Беларускага геаграфічнага таварыства» рэалізуе лакальную ініцыятыву «Горад — сад, горад — луг», якая скіраваная на падтрымку экалагічнага баланса на Падніколлі. А паколькі на любую лакальную экасісітэму заўсёды ўплывае і становішча з экалогіяй на прылеглых тэрыторыях, то ў немалой ступені Падніколле, ды і значная частка горада, залежыць ад экалагічнага стану зялёнай зоны рэчкі Дзебры і прылеглых да яе яроў.

У суботу студэнты МДУ Куляшова і вучні адной з магілёўскіх школ прайшліся амаль ад самага вытока Дзебры, уздоўж яе русла і да Дняпра. Яны пазначалі на інтэрактыўнай мапе «праблемныя» кропкі — стыхійныя сметнікі, заторы, незаконныя выхады каналізацыі ад прысядзібных пабудоў, фіксавалі ўсе экалагічныя праблемы на фота і відэа. Ну і галоўнае — яны за адно і прыбралі немала смецця, пры чым яшчэ і сартыравалі яго пры гэтым. Праўда, недзе на сярэдзіне маршрута пакеты скончыліся, бо смецця было шмат, ды і часу на прыборку патрацілі, таму ўжо па вуліцы Катоўскага толькі фіксавалі «гарачыя» кропкі. А ў канцы гэтай акцыі яшчэ і правялі маніторынг «брэндаў» пластыкавых бутэлек, якія былі з этыкеткамі, нават з іх выклалі надпіс «Наша Дзебра» для памятнага фота. Ну а кіравала ўсім працэсам Natalia Tupitsyna — выкладчык МДУ імя А.Куляшова, кіраўнік мясцовай ініцыятывы «Горад-сад, горад-луг» праекта «КАМГОР».

Дадам, што ініцыятыва «Горад — сад, горад — луг» рэалізуецца ў межах праекту КОМГОР — камунальнае кіраванне ў гарадах, які скіраваны на прыцяненне грамадскасці ў кіраванне гарадской гаспадаркай і камунікацыю з мясцовымі ўладамі. Праект КОМГОР фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.