Яшчэ адну тэматычную зону стварылі ў парку на Падміколлі. Адразу за Святамікольскім манастыром высадзілі шэраг прысадаў (алей), якія праклалі ўздоўж былых вуліц гістарычнай забудовы Падміколля.
У цэнтры гэтай «зоны ціхага адпачынку» закладзены сад з пладовымі дрэвамі — яблынямі і слівамі. Самі прысады так сама розныя — там ёсць клёны, дубкі, высаджана вялікая бярозавая алея. Акрамя эстэтычнага складніку, прысады яшчэ будуць выконваць ахоўную функцыю для пладовых дрэваў — захінаць іх ад ветру.
Ідэя падобнай тэрыторыі з пазначэннем старажытных вулачак дрэвамі і стварэнне «ціхай зялёнай зоны» у парку належыць эка-актывістам з грамадскага аб’яднання «ЭКАПРАЕКТ». Рэкамендацыі па відам дрэў і спосабам пасадкі давалі навукоўцы інстытуту батанікі АН РБ, якія раней даследваллі Падміколле. Рэалізавана ідэя ў рамках кампаніі «КАМГОР» (камунальнае кіраванне ў гарадах) пры фінансавай падтрымцы ЕС.
Урачыстае адкрыццё зоны гістарычных алей прайшло 23 ліпеня. Ад уладаў магілёўцаў павіншавалі намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Аляксандраўна Галушка і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ігар Віктаравіч Данькоў.
Некалькі словаў пра рэалізацыю праекта сказалі ўдзельнікі «Экапраекту» Tatiana Osmolovskaya і Anna Skryhan.